РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)